У нашай школе з 2004 года працуе гісторыка – краязнаўчы вугалок. Ён мае асобнае памяшканне з 2-х залаў і добрую матэрыяльную базу. У асноўным фондзе знаходзіцца 193 экспанаты. Кожны з іх мае свой лёс. Адны прынеслі ў падарунак жыхары вёскі, другія - нашы вучні, настаўнікі. Збор матэрыялаў і праца над размяшчэннем экспазіцый у краязнаўчым вугалку дапамагаюць нам далучыць вучняў да беларускай нацыянальнай культуры, абудзіць у іх генетычную памяць, спалучыць творчасць з гісторыяй народных рамёстваў, якія, на жаль, паступова згасаюць. Раздзелы экспазіцый : 1. Этнаграфічны: тут сабраны прылады працы, адзенне, посуд, хатняе начынне нашых продкаў у XIX– XXст.. 2. Археалагічны: можна ўбачыць крэмневыя прылады працы, кераміку і іншыя рэчы, знойдзеныя нашымі вучнямі ў час археалагічных раскопак ва ўрочышчы Залашын. 3. Святло далёкага мінулага: уключае стэнды з інфармацыяй пра прыроду, легенды , гісторыю вёскі Церабяжоў, храм нашай мясцовасці, славутых людзей нашай вёскі, кнігі, якія падораны краязнаўчаму вугалку пісьменнікамі і вучонымі, якія нарадзіліся , жылі ці прыязджалі ў Церабяжоў. 4. У гады ліхалецця: раздзел змяшчае матэрыялы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вайсковы рыштунак, асабістыя рэчы, успаміны і фота ўдзельнікаў вайны. 5. Наша школа: раздзел змяшчае матэрыял аб настаўніках нашай школы, яе вучнях. 6. Афганістан у нашым сэрцы: матэрыялы аб вяскоўцах, якія ваявалі ў гарачых кропках. 7. Тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя славутым людзям нашай вёскі Васілю Дзмітрыевічу Ліцьвінка, Паўлу Паўлавічу Куліку.
Прызначэнне гісторыка – краязнаўчага вугалка - зберагаць культуру і традыцыі беларускага народа, развіваць творчы патэнцыял вучняў у вывучэнні і адраджэнні забытых рамёстваў Палесся, раскрываць багацце абрадаў, традыцый і святаў, прывіваць любоў і павагу да сваіх продкаў і іх спадчыны, прадаўжаць лепшы вопыт народных майстроў свайго краю. |
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі