“З песняй у сэрцы. Жыццё і творчасць Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі” В. Дз. Ліцьвінка нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго бацька, Дзмітрый Міхайлавіч (1910-2000г.н.), карэнны жыхар в.Верхні Церабяжоў. Усё сваё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы. Маці – Лідзія Андрэеўна (1916-2005г.н.), мясцовая жыхарка в.Верхні Церабяжоў. Простая сялянка, якая любіла спяваць. У Васіля Дзмітрыевіча было дзве сястры і брат. Старэйшая сястра - Яўгенія, малодшая – Ніна, брат Міця. Вучыўся В. Дз. Ліцьвінка ў Церабяжоўскай школе, а затым скончыў Столінскую сярэднюю школу. Пасля заканчэння накіраваны на працу піянерважатым у в.Лука, затым стаў выкладаць у ёй беларускую мову і літаратуру, а таксама спевы. У 1960 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, але прыйшла павестка – і пяць гадоў службы на Ваенна-марскім флоце : радыёсувязістам на крэйсеры “Дзяржынскі” Чарнаморскага флоту, дзе асвоіў рэдкую для таго часу прафесію – звышхуткую радыёсувязь. З 1964 па 1970 гады Васіль Ліцьвінка вучыўся на філфаку БДУ. Узначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў, гастролі вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце. Пад яго кіраўніцтвам студэнцкія калектывы мастацкай самадзейнасці выступалі ў Маскве, Кіеве, Калінінградзе, Адэсе, Рызе, Вільнюсе,Гомелі і інш. гарадах, на фестывалях займалі прызавыя месцы. У 1971 годзе стварыў на філфаку БДУ лінгафонную лабараторыю. З верасня 1975 года перайшоў на выкладчыцкую працу на кафедры рускай савецкай літаратуры, дзе выкладаў фальклор. У розныя гады чытаў Васіль Дзмітрыевіч лекцыі па фальклоры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, Інстытуце ўдасканалення кваліфікацыі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рыгор Раманавіч Шырма – фалькларыст» абараніў у 1983 годзе. Абраў гэту тэму таму, што асабіста быў знаёмы з выдатным дзеячам беларускай культуры, які сваім прыкладам натхніў яго на пачэсную справу захавання і адраджэння беларускага фальклору. У В. Дз. Ліцьвінкі вельмі шмат узнагарод: Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР, юбілейныя і памятныя медалі, ганаровыя граматы БДУ і другіх устаноў, у тым ліку і міжнародных, напрыклад, із ГДР, Польшы. Поспехі ў навуковай дейнасці былі адзначаны прысуджэннем яму ў 1984 годзе вучонай ступені кандыдата філалагічных навук. Мала хто ведае, што Васіль Дзмітрыевіч не толькі любіў паэзію, але і сам пісаў вершы. Вось што ён адчуваў, гледячы на старэйшага сына, калі ён быў яшчэ маленькім, Сергуню, як ён яго называў: Какой искристый легкий скрип, Сапожек детских по снежку, Какой счастливый детский вскрик, О том, что птичка на суку.
Какой пречистый божий день, Когда с тобой ребенок твой, И голубая его тень Скользит по снегу за тобой.
Ребенок взрослым – не чета. Он, как упрек природы нам. Жизнь без ребенка – нищета. С ребенком – ты ребенок сам.
У 1981 годзе ён прыняўся за стварэнне навукова-даследчай лабараторыі фальклору і дыялекталогіі, якую ўзначальваў амаль 25 гадоў – да 2005 года. ЁН быў шчаслівым чалавекам – любіў сваю работу, жыў ёю. З пісьма ад 13 ліпеня 1976 г.: «Вот уже очередной пункт моего Полесского путешествия – Симоновичи. А вообще-то я прошел со студентами круг вокруг г. Лельчицы Гомельской области. Удивительный все-таки Полесье край. Здесь можно найти то, чего нельзя найти ни в одной части Советского Союза. Здесь все дышит «преданьями простонародной старины». А люди, возможно, неказистые на вид, но души у них, но добрые сердца, полные песен, поверий, легенд, преданий, сказок, мелодий. В который раз уж тут записываю, а не перестаю удивляться. Вероятно, только я могу так этому поражаться, удивляться, увлекаться… Плюс каждый день концерты, перед которыми я долго и упорно объясняю полешукам, зачем мы приехали. Они удивляются, поражаются, ахают, недоумевают, что это богатство кого-то интересует». Пераважна на Палессі фалькларыстам зроблена каля 200 (двухсот) тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору і матэрыялаў традыцыйнай культуры. З 1987 па 2003 год Васіль Дзмітрыевіч – аўтар і вядучы тэлепраграмы “Запрашаем на вячоркі”. Падчас супрацоўніцтва з тэлебачаннем зроблены 246 відэафільмаў абрадава-святочнай культуры. Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка – аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш як 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ. У яго было многа планаў: рыхтаваў матэрыял і хацеў напісаць яшчэ адну кнігу па ўзаемасувязі фальклору славянскіх народаў, падручнік вуснай народнай творчасці “Фальклор Беларусі”, праводзіў падрыхтоўчую работу па стварэнні фальклорнага камп’ютарнага Цэнтра, але не паспеў. Яго заўчасная смерць 12 ліпеня 2007 года ўскалыхнула фалькларыстычную грамадскасць, глыбокім жалем адгукнулася ў сэрцах яго шматлікіх сяброў – як асобных выканаўцаў народных песень, так і цэлых фальклорных калектываў. 20 мая 2017 года ў нашай школе прайшоў вечар памяці Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі. Аддаць даніну павагі выдатнаму беларускаму фалькларысту былі запрошаны яго сваякі. Аляксандр Аляксандравіч (родны дзядзька Васіля Дзмітрыевіча) – знакаміты мясцовы выканаўца палескіх песень. Менавіта ад яго Васіль Дзмітрыевіч увабраў усё багацце традыцыйнай культуры гэтага ўнікальнага куточка Заходняга Палесся. Дзядзька з хваляваннем і адначасова з гонарам расказваў пра дзяцінства пляменніка.
Мала вядомымі фактамі з жыцця Васіля Дзмітрыевіча падзялілася загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка. Яна расказала, у якой сям’і вырас яе дзядзька, якім чалавекам быў дома з роднымі і блізкімі, што ён любіў. Эмацыянальныя ўспаміны выклікалі шчымлівае пачуццё страты. З удзячнай памяццю пра Васіля Ліцьвінку выступілі: народны калектыў “Церабяжоўскія харашухі”, які быў створаны па ініцыятыве Васіля Дзмітрыевіча. Яны прынімалі ўдзел у першых рэспубліканскіх “Дажынках”. Бруцкая Наталля Пятроўна (стрыечная сястра) – першы кіраўнік фальклорнага гурта. Яна выканаўца народных песень, абрадаў і танцаў сваёй мясцовасці, якія пакладзены ў аснову рэпертуару калектыву. Удзельнікі народнага калектыву паказалі абрад “Дажынкі”, народныя танцы “Падыспань” і “Кракавяк” у выкананні малодшых школьнікаў. Кулік Павел Паўлавіч – вядомы мясцовы мастак, паэт, скульптар, разьбяр па дрэве, кампазітар і выканаўца ўласных песень падарыў у гісторыка-краязнаўчы куток школы партрэт Васіля Дзмітрыевіча і прысвяціў яму верш: Селянін у працы з песняй, Песня ад калыскі Прылятала птушкай у сені То здалёк, то зблізку. Пачастуе сэрца болем, То вясну гукае, То звініць у чыстым полі, То ў кветках грае.
А душа гарыць паўстаннем Праз усе стагоддзі. Песні горкага кахання На Палессі ходзяць. Вецер троне ліст альшынкі Змрочна на Палессі, З намі жыў Васіль Ліцьвінка Сэрцам слухаў песні.
Родам ён з Церабяжова, Прыязджаў да маці. Размаўляў на роднай мове, Абуваўся ў лапці. Быў ён госцем на падворку У пана-гаспадара. “Запрашаем на вячоркі” У Мінску вёў праграму.
Дзе гармонік з песняй пара, Бубен гром як з неба. Паляшук багаты салам, Бульбай, жытнім хлебам. І Каляды, што зімою, Кожную былінку Зберагаў, цаніў душою Наш фальклор Ліцьвінка.
Час мінуў, няма ўжо з намі, Адкажу адразу Не гучаць ужо вечарамі Песні таго часу. Зберагчы напеў часцінку, Продкаў дар далёкі. З намі жыў Васіль Ліцьвінка, З ім жылі “Вячоркі”. Родам ён з Церабяжова, Прыязджаў да маці. Размаўляў на роднай мове, Абуваўся ў лапці.
Сямейныя калектывы Каржоўнікаў і Дабрыянцаў таксама ўваходзілі ў фальклорны гурт “Церабяжоўскія харашухі” і прымалі непасрэдны ўдзел у рэспубліканскіх дажынках. Любы напрамак дзейнасці становіцца значным, заўважальным, калі яму прысвячаюць жыццё сапраўдныя прафесіяналы. Мы памятаем пра заслугі Васіля Дзмітрыевіча і ўдзячныя за яго самаадданую працу. |
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ “З песняй у сэрцы. Жыццё і творчасць Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі” |
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі