Экскурсія ў музей грошай
16.11.2019
Музей Groshi ў Мінску— новы праект у Рэспубліцы Беларусь, прысвечаны гісторыі грашовага абарачэння на тэрыторыі нашай краіны. У ім паслядоўна распавядаецца пра з'яўленне першых грашовых сродкаў больш за 1 500 гадоў таму ў перыяд Рымскай імперыі; станаўленне ўласнай фінансавай сістэмы ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага і яе ўдасканаленне з цягам часу; пра з'яўленне першых папяровых грошай на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра стварэнне і развіццё фінансавай сістэмы незалежнай Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлены толькі арыгінальныя прадметы. У музеі грошай у храналагічным парадку дзеці ўбачылі манеты Рымскай імперыі, Арабскага халіфата, сярэднявечнай Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Рэспублікі Польшча міжваеннага перыяду, нямецкія акупацыйныя манеты, а таксама грошы Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Што датычыцца банкнот, то ў экспазіцыі адлюстраваны грашовыя адзінкі Расійскай імперыі, Украіны перыяду грамадзянскай вайны, акупацыйныя папяровыя грошы Германіі часоў Першай і Другой Сусветных войнаў, мясцовыя грошы беларускіх гарадоў, банкноты Савецкай улады і незалежнай Рэспублікі Беларусь Інфармацыйна-даведачная сістэма музея дазваляе наведвальнікам з дапамогай сэнсарных экранаў атрымліваць больш падрабязную інфармацыю аб раздзелах экспазіцыі і асобных экспанатах. Акрамя таго, вучні даведаліся і ўбачылі манеты і банкноты, якія пакуль не адлюстраваны ў музеі. |