Салдатам неаб'яўленай вайны
14.02.201913 лютага, напярэдадні Дня воіна-інтэрнацыяналіста, вучні нашай школы мелі магчымасць пазнаёміцца з унікальным чалавекам - Карповічам Уладзімірам Іванавічам.
Уладзімір Іванавіч праходзіў службу ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. У інтэрв'ю ён распавёў пра службу ў разведбатальёне, аб удзеле ў баявых аперацыях. Рабяты даведаліся, што ў баі самае галоўнае -- пераадолець свой страх, самае цяжкае - губляць сяброў, а самае прыемнае на вайне - гэта рэдкія хвіліны адпачынку, калі прыязджалі артысты. Уладзімір Іванавіч быў паранены, доўга лячыўся ў шпіталі, узнагароджаны ардэнамі і медалямі. Вяртаючыся дадому, не мог спакойна ісці міма лесу: спрацоўваў інстынкт - «зялёнка» - «духі» - «сховішча». Стройны мужчына, з валявым тварам, ваеннай выпраўкай пакарыў дзяцей упэўненасцю ў праваце сваіх учынкаў і поглядаў. Усе слухалі яго, затаіўшы дыханне. У канцы сустрэчы Уладзімір Іванавіч пажадаў падрастаючаму пакаленню настойлівасці ў дасягненні мэты, быць грамадзянамі на справе, а не на словах і берагчы і ўмацоўваць сваё здароўе. Скончылася сустрэча хвілінай маўчання. |