У дзень Чарнобыльскай катастрофы
27.04.201826 красавіка, у Дзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, вучні 3-7 класаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў.
У сваіх працах дзеці адлюстравалі не толькі наступствы аварыі для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, але і правілы пражывання на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі. Лепшым прызнаны малюнак Хоміч Лізаветы (6 клас). З ліку жыхароў Рэчыцкага сельскага савета статус «ліквідатара» атрымалі 19 чалавек, з іх 5 жыхароў Церабяжова. Вучні 7-9 класаў сустрэліся з Бруцкай Святланай Міхайлаўнай. Яна працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы медсястрой і прабыла ў зоне з 8 чэрвеня па 10 жніўня 1988 года ў камандзіроўцы. Брыгада медыкаў выязджала ў раён, бралі кроў салдат частак, размешчаных у зоне. Па вяртанні рабілі падлік лейкацытаў. Працавалі ў дзве змены. Моцна стамляліся. «Было жудасна бачыць закінутыя вёскі, пустынныя вуліцы, дамы з забітымі вокнамі, двары і агароды, зарослыя пустазеллем. Нязвыклая цішыня насцярожвала, нагнятала тугу ... » - дзялілася ўспамінамі Святлана Міхайлаўна. Вучні з інтарэсам разглядалі фотаздымкі таго часу. У канцы сустрэчы Святлана Міхайлаўна выказала думку, што «жыць пасля Чарнобыля - гэта вучыцца жыць нанава, жыць інакш, успрымаць прысутнасць радыеактыўнасці ў штодзённым жыцці як новы складнік існавання, гэта барацьба, разлічаная на працяглы тэрмін». |