Конкурсна-гульнёвая праграма «Нашы мамы-самыя лепшыя».
16.10.2017
У конкурсе прынялі ўдзел тры дзіцяча-бацькоўскія пары: Лугіна Ларыса Фёдараўна з сынам Іванам, вучнем 4класа, Рэвуцкая Наталля Мікалаеўна з дачкой Кацярынай, вучаніцай 4 класа, і Панкевіч Наталля Аркадзьеўна з сынам Багданам, вучнем 2 класа. У ходзе «Знаёмства» дзеці распавялі, чым захапляюцца іх мамы, як ставяцца да дзяцей, дзе працуюць і якая страва ў іх атрымліваецца лепш за ўсё. Затым - «Размінка», пытанні якой у жартоўнай форме праверылі кемлівасць удзельнікаў. «Кулінарны конкурс» прадэманстраваў мам-гаспадынь: з набору картак-прадуктаў мамы «варылі боршч». А ў конкурсе «Адгадай, хто?» адгадвалі сваіх дзетак па далоньках. Вялікае ажыўленне выклікаў конкурс «Танцавальны марафон» - дзеці са здзіўленнем даведаліся, што іх мамы выдатна танцуюць і польку, і вальс, і рок-н-рол. У якасці музычнага падарунка вучні 5 класа выканалі прыпеўкі і паказалі мініяцюры са школьнага жыцця. |
У выніку ўсе мамы заслужылі званне «Самая лепшая», а дзеці – дыпломы ўдзельнікаў і салодкія прызы. Дружалюбная атмасфера залы, усмешкі і падтрымка гледачоў яшчэ больш з'ядналі бацькоў і дзяцей. Пасля праграмы, за кубкам чаю, мамы дзяліліся сваім вопытам гаспадыні, выхавальніцы, жонкі. |