Вечарына памяці В. Д. Ліцьвінкі ў Церабяжоўскай школе
22.05.2017
Распачалі вечарыну вучні. Яны нагадалі прысутным, што сабой уяўляюць Вячоркі. Лугіна Ларыса Фёдараўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, доўгі час збірала матэрыял пра Васіля Дзмітрыевіча, і менавіта яна стала ініцыятарам гэтай сустрэчы і вядучай вечара памяці. Малазнаёмыя факты з жыцця земляка перамяжоўваліся фотаздымкамі прэзентацыі і ўспамінамі гасцей. Валянціна Аляксандраўна Грэчка распавяла, у якой сям'і вырас яе дзядзька, якім чалавекам быў дома з роднымі і блізкімі, што ён любіў. Эмацыйныя ўспаміны выклікалі шчымлівае пачуццё страты.
Успамінамі пра здымкі ў перадачы Васіля Дзмітрыевіча "Вячоркі" ў Мінску падзяліліся Козел Аляксандр Андрэевіч і Бруцкая Наталля Пятроўна. Беларуская песня, якую выканаў прыемным барытонам Аляксандр Андрэевіч, запоўніла актавую залу.
Павел Паўлавіч Кулік, таленавіты майстар, паэт, мастак, разьбяр па дрэве, кампазітар і выканаўца ўласных песень прысвяціў Васілю Дзмітрыевічу верш і падарыў у гісторыка-краязнаўчы вугалок школы партрэт фалькларыста.
Сямейны калектыў Дабрыянцаў з р.п. Рэчыцы не толькі расказаў пра тое, якім быў Ліцьвінка В.Д. на працы з калегамі, але і выканаў некалькі народных песень.
Сям'я Каржоўнікаў распавяла аб сумеснай працы з Васілём Дзмітрыевічам, пра сяброўства з ім і пра дабрыню гэтага чалавека. Каржоўнікі радуюць нас таленавітымі выканаўцамі народных песень ужо не адно пакаленне. І хоць сям'я не змагла сабрацца ў поўным складзе (малодшая Аліна вучыцца ў Баранавіцкім каледжы мастацтваў), але гледачы нацешыліся цудоўнымі галасамі старэйшых членаў сям'і. Народны калектыў Ніжнецерабяжоўскага СДК "Церабяжоўскія харашухі" паказаў абрад "Дажынкі".
Народныя танцы "Пад іспань " і "Кракавяк" у выкананні малодшых школьнікаў не пакінулі нікога абыякавымі, і нашы госці пусціліся ў скокі. Закончылася свята праглядам відэазапісу тых самых знакамітых «Дажынак». Вялікі дзякуй усім гасцям, якія прынялі запрашэнне і падзяліліся сваімі ўспамінамі аб Ліцьвінку Васілю Дзмітрыевічу.
|