Ваенна-патрыятычная спартыўная гульня «Зарніца»
22.05.2017
Ехаць на веласіпедзе па галоўнай вуліцы ў суправаджэнні спецмашын з уключанай светавой і гукавой сігналізацыяй, калі наперадзе - прыклад для пераймання - ваеннаслужачыя, а побач - сябры, калі мясцовыя жыхары здзіўлена глядзяць услед, калі ты ў цэнтры ўвагі і разам з усімі - гэта падымае настрой і адчуваеш сябе часцінкай чагосьці вялікага і ўрачыстага. На школьным двары да нас далучыліся навучэнцы Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, члены ГА «БРСМ». І так ... тры каманды ў зборы, гатовы да спаборніцтваў! Літвінка Іосіф Іосіфавіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, патлумачыў гасцям правілы гульні і асаблівасці праходжання кожнай станцыі: «Тарзанка» - пераправіцца на канаце праз уяўную перашкоду; «Танкі» - трапіць гранатай у акрэслены квадрат; «Разведчык» - прапаўзці пад нацягнутай вяроўкай па звілістай лініі; «Абойма» - пасартаваць коркі і размеркаваць іх па колеры; «Снайпер» - набраць найбольшую колькасць ачкоў, страляючы з вінтоўкі; «Плакат» - сабраць разрэзаны на часткі фотаздымак з пэўным відам спорту. Пасля падвядзення вынікаў балельшчыкі і госці віншавалі гаспадароў з перамогай. Удзельнікаў узнагародзілі граматамі ўстановы адукацыі, ГА”БРСМ”, Пінскага пагранічнага атрада. Спонсар (магазін “Веласіпед”, горад Пінск) уручыў прызы і падарункі ўдзельнікам, якія вызначыліся на кожным рубяжы.
Пасля гульні ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся да помніка воінам, загінуўшым пры вызваленні Церабяжова, і ўсклалі вянкі і кветкі. Стомленыя, але задаволеныя, калонай рушылі ў Дом культуры Ніжняга Церабяжова на канцэрт гурта Пінскага пагранічнага атрада «Адзінства». Як і папярэднія сумесныя мерапрыемствы, гэта сустрэча пакінула незабыўныя ўражанні, жаданне супрацоўнічаць і ў далейшым. Словы падзякі арганізатару велапрабегу,намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце аддзялення пагранічнага кантролю “Верхні Церабяжоў” Эдуарду Сяргеевічу Ермакову і гурту “Адзінства”, спонсару гульні – магазіну “Веласіпед” горада Пінска - за прызы і падарункі ўдзельнікам. |