Прафесія - пагранічнік
03.02.2017Выбар прафесіі для выпускніка школы - пытанне прынцыпова важнае. Пра гэта 3 лютага гутарыў з вучнямі 7-11 класаў капітан вайсковай часці 1235 Кузняцоў Міхаіл Мікалаевіч.
- Прафесія пагранічніка асаблівая, - завастрыў ён увагу аўдыторыі, - яна запатрабаваная грамадствам і карыстаецца ў нашага народа вялікай павагай. Капітан Кузняцоў азнаёміў прысутных з дзяржаўнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў ваеннага профілю ў інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. |
- Вырашыце паступаць у ваенны інстытут, не цягніце асабліва. Заяву ў ваенны камісарыят неабходна падаць да 1 красавіка. Адбор грамадзян для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы ажыццяўляецца шляхам усебаковай ацэнкі кожнага абітурыента па наступных паказчыках: • стан здароўя; • фізічная падрыхтоўка; • прафесійна-псіхалагічны адбор (ацэнка ваенна-прафесійнай накіраванасці і індывідуальна-псіхалагічных якасцяў); • уступныя экзамены - па трох вучэбных прадметах у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання: па беларускай або рускай мове (па выбары) і па двух вучэбных прадметах (далей - профільныя экзамены) ў адпаведнасці з абранай спецыяльнасцю. Усе расходы па арганізацыі паўнавартаснага навучання, паўсядзённага побыту, вольнага часу і адпачынку курсантаў дзяржава бярэ на сябе. Яны пражываюць у добраўпарадкаваных інтэрнатах, вельмі добра і разнастайна сілкуюцца, атрымліваюць стыпендыю каля 200 рублёў, якая ад курса да курса, у залежнасці ад поспехаў у вучобе, толькі расце. Зала пры гэтых словах загудзела ажыўлена, заварушылася. Словы зачапілі хлопцаў за жывое ... |
- На пагранічную службу прымаюць і дзяўчат. Вопыт службы ў войсках паказаў: на пагранічным кантролі яны проста незаменныя. Жаночы позірк, назіральнасць, інтуіцыя дапамагаюць ім дакладна і глыбока “зразумець паводзіны чалавека, які перасякае нашу мяжу, адчуць, калі за душой у яго нешта не чыста. Затым Міхаіл Мікалаевіч распавёў пра ўмовы службы ў пагранічных войсках, заработнай плаце, кар'ерным росце і льготах вайскоўцам. Пасля размовы да капітана Кузняцова падышло некалькі хлопцаў,якія зацікавіліся інфармацыяй. |