Дзень роднай мовы
21.02.2020Першымі бібліятэку наведалі самыя маленькія чытачы, выхаванцы Церабяжоўскага яслі-сада. Яны прагледзелі мультфільм на беларускай мове "Піліпка" і з цікавасцю пазнаёміліся з новымі дзіцячымі выданнямі беларускіх пісьменнікаў на кніжнай паліцы.
Наступнымі былі вучні 3-4 класаў, для якіх была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя «Радкі пра родную мову» і праведзена гульня «Пагуляем у Роднае слова». Мэта гульні: замацаваць веды вучняў аб мове, аб багацці і разнастайнасці моўных сродкаў; стварыць умовы для выхавання павагі і пачуцця любові да Радзімы, роднай прыроды, беларускага слова. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні на беларускай мове.
З пяцікласнікамі праведзена конкурсная праграма «Квітней, родная мова!». Мэта гэтай праграмы: ушанаванне памяці і выхаванне павагі да вялікіх нацыянальных песняроў, развіццё мастацкай культуры вучняў, іх творчых здольнасцей, выхаванне любові да нашай Бацькаўшчыны, роднай мовы, абуджэнне пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за геніяльных творцаў і свой народ.
Завяршыўся Дзень роднай мовы кніжнай выставай «Размаўляй са мной па-беларуску». Усе наведвальнікі бібліятэкі атрымалі падарункі – буклеты аб роднай мове.